Кіпрыян Кандратовіч – беларускі і расейскі вайсковы дзеяч, генэрал ад інфантэрыі, сябра Народнага Сакратарыяту БНР, нарадзіўся 28 красавіка 1859 г. у Лідзкім павеце.

 

Вучыўся ў Лідзкай павятовай дваранскай школе, вайсковую службу пачаў у 1875 г. у Вільні.

 

За 42 гады службы ў расейскім войску Кіпрыян Кандратовіч быў узнагароджаны амаль усімі выйшымі ордэнамі Расейскай Імпэрыі.

 

У 1917 г. Кіпрыян Кандратовіч далучаецца да беларускага нацыянальнага руху. На зьездзе беларускіх вайскоўцаў Заходняга фронту ён абіраецца ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую Раду. Генэрал узяў на сябе працу па фармаваньні беларускіх палкоў на Заходнім фронце.

 

Захаваўся вершаваны наказ беларускім жаўнерам ад імя генэрала Кандратовіча:

 

Не заб’юць Пагоню і ня спыняць.

І Беларусь не запалоняць,

Ня зьнішчаць нас, не забароняць,

Жаўнеры ёсьць. Ёсьць ваяры.

Ёсьць абаронцы.

 

У 1918 годзе разам зь іншымі сябрамі Менскага Беларускага Народнага прадстаўніцтва прыняты ў склад Рады БНР. У складзе ўрада БНР на чале з Раманам Скірмунтам Кандратовіч прызначаны міністрам ваенных справаў.

 

У 1919 г. удзельнічаў у Парыжскай мірнай канфэрэнцыі.

 

Пасьля адыходу Рады БНР і беларускіх вайсковых частак на тэрыторыю Літоўскай Рэспублікі, Кандратовіч на кароткі час быў віцэ-міністрам абароны Летувы.

 

Памёр у 1932 годзе, пахаваны ў Воранаве.